Pasakas.net

Pasakas

Baltkrievu valodā

Viltīgā lapsa (ЛІСІЦА-ХІТРЫЦА)

Teicējs: Liudmila Sinkevich

Samazināt teksta izmēru Palielināt teksta izmēru

Жыў дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі ня было, толькі адна курачка Чубатка.

Жылі яны, жылі, дажыліся — няма чаго варыць. Вось дзед і кажа бабе:

— Баба, а баба, звары хіба Чубатку, ці што?

Баба замахала рукамі:

— Што ты, дзед, надумаўся! Лепш мы галодныя будзем, а Чубаткі я ня дам варыць.

Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне і прынесла бабе.

Дзед кажа:

— Вось і добра. Звары ты, баба, хоць гэтую бобінку.

Паглядзела старая на бобінку:

— Дзеду мой, дзеду, што тут за наедак з аднае бобінкі? Я для яе і гаршка не падбяру. Давай лепш пасадзім яе. Як вырасьце, тады сьпячэм цэлы бабовы пірог.

— Дзе-ж мы яе пасадзім? — пытаецца дзед.

— На полі.

— На полі яе варона выдзяўбе...

— Дык на дварэ.

— На дварэ яе курыца выграбе...

— Тады давай пасадзім хіба ў хаце пад палацямі.

— Добра, — згадзіўся дзед і пасадзіў бобінку ў хаце пад палацямі.

Узыйшла бобінка ды давай расьці. Расла, расла, уперлася ў палаці.

— Што, баба, рабіць будзем? — пытаецца дзед.

— Трэба палаці разьбіраць.

Дзед разабраў палаці, а бобінка як расьці ды расьці — дарасла да столі.

— Што, баба, рабіць будзем? — зноў пытаецца дзед.

— Трэба столь разьбіраць.

Дзед і столь разабраў, а бобінка як расьці ды расьці — дарасла да страхі.

Дзед і страху разабраў. Выглянула бобінка на сьвет і давай расьці яшчэ весялей. Дарасла аж да неба.

Узяў тады дзед торбу, палез па сьцяблу на неба, абабраў сьпелыя струкі і вярнуўся назад.

Зарадавалася баба — цэлую торбу струкоў прынёс дзед!

— Ну, цяпер то мы ўжо наядзімся пірага!

Палузала баба струкі, высушыла боб на печы, змалола і расчыніла ў дзяжы цеста на пірог.

Цеста як расьці ды расьці — зь дзяжы вон лезе. Палажыла яго баба на лапату, загладзіла пірагом, размалявала рознымі ўзорамі, каб прыгожы быў, ды ў печ. А пірог як расьці ды расьці — зь печы на прыпечак лезе. Адсланіла баба заслонку, а ён — скок на хату, з хаты за парог — і ўцёк...

Кінуліся дзед з бабай даганяць пірог. Ды дзе там! Так і не дагналі.

Прыкаціўся пірог у лес. А тут насустрач яму рыжая лісіца-хітрыца. Схапіла яна пірог, выела мякіш, у сярэдзіну шышак насыпала ды пабегла зь пірагом да пастушкоў.

Знайшла пастушкоў у полі і кажа:

— Пастушкі, пастушкі, дайце мне бычка-трацячка, а я вам дам за гэта пірог.

Бачаць пастушкі — добры пірог у лісіцы, жоўценькая скарынка аж блішчыць, так і хочацца яго папрабаваць. Згадзіліся яны на мену і аддалі лісіцы бычка-трацячка.

— Толькі-ж, глядзіце, ня ешце пірага, пакуль я не заеду за горку, — кажа лісіца.

Села яна на бычка верхам і паехала. Як толькі схавалася за горкаю, пастушкі і кажуць: «Сядзем на пясочку, зьядзім па кусочку!» Разламалі пірог, а там — адны шышкі яловыя... Падманула іх хітрая лісіца!

Едзе лісіца на бычку, бачыць — на дарозе пустая павозка стаіць, а недалёка чалавек арэ. Падкралася яна цішком да павозкі, запрэгла ў яе бычка-трацячка, села на мяккай саломе і едзе сабе далей, пугай бычка паганяе.

Прыехала ў лес. Насустрач ёй воўк ідзе. Зьбегаўся, змарыўся, ледзьве ногі валачэ.

— Куды, кума, едзеш? — пытаецца.

— За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства.

— Чаго?

— Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць...

— А бараны ў тым царстве ёсьцека? — аблізнуўся воўк.

— Ды іх там хоць гаць гаці!

— А лісічка, а сястрычка, вазьмі і мяне з сабою. Падвязі хоць мой хвост.

— Што адзін хвост везьці, садзіся ўвесь ты.

Сеў воўк. Едуць далей. Сустракаюць мядзьведзя.

— Куды, кумы, едзеце?

— За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства...

— Чаго?

— Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць, — адказвае лісіца.

— Там, кажуць, бараноў хоць гаць гаці, — падтаквае ёй воўк.

— А мёду там многа?

— Ды там, кажуць, мядовыя рэкі цякуць!

Мядзьведзь зарадаваўся:

— То вазьміце і мяне. Хоць адну лапу падвязіце.

— Што адну лапу везьці, садзіся ўвесь ты.

Уселіся ўтраіх, едуць далей. Аж раптам зламалася аглобля. Лісіца кажа мядзьведзю:

— Схадзі, кум, прынясі аглоблю.

Пайшоў мядзьведзь у гушчар, знайшоў вывярнутую елку і прывалок да возу. Убачыла лісіца, крыку нарабіла:

— Ах ты, мядзьведзішча, ах ты, дурнішча, ці-ж гэта лясіна для аглоблі!

І да ваўка:

— Схадзі, куме, прынясі тонкую аглоблю.

Пайшоў воўк і прынёс крывы яловы сук. Лісіца і на яго накрычала, плюнула ды пайшла сама па аглоблю.

Тым часам мядзьведзь з ваўком зьелі бычка-трацячка, скуру саломай напхалі, на ногі паставілі ды пайшлі сабе пасьміхаючыся.

Вярнулася лісіца, бачыць ні ваўка, ні мядзьведзя, толькі бычок стаіць. Прыладзіла яна аглоблю, села ў павозку, махнула пугаю на бычка, а той — брык! — і паваліўся.

Паглядзела лісіца на бычка і аб усім здагадалася.

— Пачакайце-ж вы ў мяне! Я вам гэтага не дарую! — пагразіла яна ваўку і мядзьведзю ды пайшла сваёю дарогаю.

Шмат часу ішла ці мала, а ў дарозе ўжо і восень яе застала. Сустракае ваўка, таго, што зьеў бычка.

— Добры дзень, кум! Як маешся?

— Дрэнна, — кажа воўк. — Нешта азяб на дажджы, аж увесь калачуся. Зуб на зуб не трапляе.

— То трэба новы кажух пашыць, — раіць лісіца.

— Праўду, кумка, кажаш, — згадзіўся воўк.

Пабег ён на выган, схапіў авечку і прывалок у лес.

— Хопіць на кажух? — пытаецца ў лісіцы.

— Мала, — кажа лісіца.

Прынёс воўк яшчэ адну авечку:

— Цяпер хопіць?

— Не, яшчэ адну трэба.

Воўк і трэйцюю прывалок.

— Ну, а цяпер, — кажа лісіца, — трэба краўца шукаць.

— Дзе-ж мне яго шукаць, кумка?

— Я ведаю добрага краўца. Хадзем да яго.

Прывяла лісіца ваўка на луг. Там, у кустох, на прывязі жарабец пасьвіўся.

— Вунь ён, кравец!

Воўк зарагатаў:

— Гэта не кравец, а жарабец! Не, кумка, як сабе хочаш, а розуму ў цябе мала.

Лісіца пакрыўдзілася:

— Ты пра мой розум ня вельмі языком мялі. Я была разумнай і буду, а ты быў дурань, дурнем і застанешся.

Тут ужо і воўк пакрыўдзіўся, аж узлаваўся:

— Паглядзім яшчэ, хто з нас разумнейшы!

— Не хваліся загадзя, — кажа лісіца, — лепш паглядзіш, як зараз зь цябе скуру зьнімуць.

— Хто зьніме? — ляснуў зубамі воўк.

— Гаспадар гэтага каня.

— Ня можа быць! — ня верыць воўк.

— Пабачыш. На чым жарабец навязаны? — пытаецца лісіца.

— На вяроўцы.

Лісіца засьмяялася:

— Вось і відаць, што дурань!

— Чаму? — падскочыў воўк.

— Жарабец на калу навязаны.

— Ня можа быць! — залыпаў воўк вачыма.

— Хадзем пакажу.

Прывяла лісіца яго да калка, за які быў прывязаны канец вяроўкі, зьняла вяроўку, зрабіла пятлю і закінула ваўку на шьпо. Воўк і азірнуцца не пасьпеў, як у пятлі апынуўся. Тады лісіца падбегла да жарабца, замахала хвастом. Той спужаўся ды як драпнуў дахаты, толькі падковы заблішчэлі.

Так і прыцягнуў у пятлі ваўка да свайго гаспадара. Ну, а там зь яго і скуру зьнялі.

Вярнулася лісіца ў лес, закапала авечак у мох на запас, адны толькі мазгі на абед пакінула. Села пад елкаю і есьць.

Ідзе мядзьведзь — той, што бычка зьеў.

— Што гэта ты, кума, жуеш? — пытаецца.

— Мазгі. Сьляпы ты, ці што?

— А дзе-ж ты іх дастала?

— З галавы. І ты можаш дастаць, калі хочаш.

— Як?

— Вельмі проста: разганіся ды стукніся галавою аб дуб — мазгі і выскачаць.

— Дзякую-ж табе, кума, за добрую параду. Так я і зраблю. А то есьці даўно хочацца.

Знайшоў ён самы тоўсты дуб, разагнаўся з усяе сілы ды і грымнуўся ў яго лобам.

Тут яму і канец.

А хітрая лісіця наелася мазгоў ды пайшла запіваць крынічнаю вадою.

  1. a
  2. b
  3. c
  4. d
  5. e
  6. f
  7. g
  8. h
  9. i
  10. j
  11. k
  12. l
  13. m
  14. n
  15. o
  16. p
  17. r
  18. s
  19. t
  20. u
  21. v
  22. z
  23. visas
 

Izmantošana nekomerciāliem mērķiem. Atsauce uz biedrību Ideju Forums obligāta.
e-pasts pasakas@pasakas.net 

Informācija grāmatu autoriem un tulkiem Mūsu draugi
Autortiesības © 2007 Biedrība Ideju Forums. Visas tiesības aizsargātas. Cube Systems – web dizains un izstrāde
  • Pasaku jaunumi
  • Pievienot Google